ЗАСЛУЖАНЫ КАЛЕКТЫЎ НАЦЫЯНАЛЬНЫ АКАДЭМІЧНЫ КАНЦЭРТНЫ АРКЕСТР БЕЛАРУСІ

мастацкі кіраўнік - народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар

Міхаіл ФІНБЕРГ

КІРАЎНІК
Прозвішча, імя, імя па бацьку:Фінберг Міхаіл Якаўлевіч
Месца нараджэння: г. Мазыр, Гомельская вобласць
Адукацыя: Беларуская дзяржаўная кансерваторыя імя А. Луначарскага, аспірантура па спецыяльнасці "дырыжор"
Вучоныя званні:Прафесар
Пасада: Дырэктар-мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор
Дзяржаўныя ўзнагароды, ганаровыя званні, граматы, падзякі: Народны артыст Беларусі (1994) Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1990) Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996) Лаўрэат прэміі Саюзнай Дзяржавы (2007) Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта РБ Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў (2007) Лаўрэат спецыяльнай прэміі Савета міністраў Рэспублікі Беларусь імя У.Мулявіна Лаўрэат прэміі ЛКСМБ (1990) Кавалер Ордэна Францыска Скарыны Уладальнік “Зоркі Міхаіла Фінберга” на Алеі Зорак у Маскве (2004) Уладальнік Юбілейнага медаля “60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” Уладальнік Юбілейнага знака “10 год з Дня яднання народаў Беларусі і Расіі” Ганаровы грамадзянін горада Мазыра (2005) Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа (2006)
Грамадзянская дзейнасць: Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь двух скліканняў Член Савета па культуры пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Член Камітэта па Дзяржаўных прэміях Беларусі

Нарадзіўся Міхаіл Якаўлевіч Фінберг у адным з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі – Мазыры. З самага маленства цікавіўся музыкай. Вось як ён сам аб гэтым успамінае: “У 5 гадоў я адчуў, што мяне вельмі цягне да музыкі. У нас на кватэры жыў адзін самадзейны музыкант, які іграў у духавым аркестры. Калі ён сыходзіў з дому, я цішком браў яго духавы інструмент. Гэта быў альт. Я стараўся падаваць нейкія гукі. А брат навучыў мяне іграць на малым барабане піянерскія маршы”. Бацькі, заўважыўшы ў хлопчыка любоў да музыкі, аддалі яго ў музычную школу па класу скрыпкі. Так пачалася музычная кар’ера знакамітага дырыжора.

Затым быў Дом піянераў Мазыра, дзе на той час існаваў адзіны ў горадзе духавы аркестр. Першы настаўнік – Пётр Гінзбург стаў вучыць таленавітага хлопца ігры на тэнары, затым былі кларнет, саксафон. Невядома, што б атрымалася, калі б не прыехаў у горад Аляксей Барысавіч Каплан, які служыў у Курску кіраўніком ваеннага аркестра. Ён і запрасіў Міхаіла Фінберга ў гэты аркестр: “Я прывыкаў да армейскага жыцця: хадзіў, як усе, строем, асвойваў музычную грамату, - успамінае маэстра. -Толькі тут я па-сапраўднаму стаў разумець, што такое музыка, што такое ноты. У ваенным аркестры я навучыўся іграць на многіх інструментах, а потым выбраў трамбон”. Гэты музычны інструмент прывёў Міхаіла Фінберга ў Курскае музычнае вучылішча. Але з дзяцінства прывязаны да беларускага слова, беларускай песні, беларускай мелодыі музыкант імкнуўся на радзіму, у родную Беларусь. Урэшце рэшт Міхаілу Якаўлевічу давялося пераехаць у Мінск, дзе ён прадоўжыў службу ў аркестры Штаба Беларускай ваеннай акругі. У хуткім часе, дзякуючы цудоўнаму педагогу кампазітару У.Алоўнікаву, Міхаіл Фінберг паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. Луначарскага з ацэнкай "выдатна". З другога курса ён пачаў працаваць у аркестры Беларускага радыё, якім кіраваў заслужаны артыст БССР Барыс Райскі. Пасля завяршэння кансерваторыі была аспірантура па спецыяльнасці “дырыжор”. У 1970 годзе Фінберг стаў спачатку дырыжорам, потым галоўным дырыжорам аркестра Мінскага цырка. Адначасова выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі: выкладчык, старшы выкладчык, затым дацэнт і, нарэшце, прафесар.

У знак прызнання вялікага ўкладу Міхаіла Якаўлевіча Фінберга ва ўмацаванне творчых сувязяў майстроў мастацтваў Расіі і Беларусі, высокага мастацкага і выканальніцкага майстэрства аркестра ў Маскве на Алеі Зорак закладзена "Зорка Міхаіла Фінберга".

Творчая праца Міхаіла Фінберга адзначана ордэнам Францыска Скарыны, Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Ганаровымі граматамі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў і ведамстваў нашай краіны, творчых саюзаў.

4 жніўня 1987 года пачаліся рэпетыцыі новага музычнага калектыву – Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі. Узначаліў яго і кіруе ім да цяперашняга часу вопытны арганізатар і дырыжор – Міхаіл Якаўлевіч Фінберг.

– Адным з важнейшых накірункаў дзейнасці нашага аркестра з’яўляецца пошук новых талентаў, - гаворыць Міхаіл Фінберг. – Я адкрыў шлях шэрагу выканаўцаў, якіх зараз добра ведаюць за мяжой і якія вельмі папулярныя ў нашай краіне. Нацыянальны канцэртны аркестр фактычна адкрыў фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна. У складзе аркестра сапраўды працуюць лепшыя музыканты з тых, што ёсць на пастсавецкай і еўрапейскай прасторы. Назаву імёны цудоўнага гітарыста, заслужанага артыста Беларусі Сяргея Анцішына, заслужанага артыста Беларусі, бас-гітарыста Аляксандра Каліноўскага, заслужанага артыста Беларусі, ударніка Вадзіма Чайкова, клавішніка Ігара Бранкоўскага. Мы ганарымся і міжнароднай запатрабаванасцю нашага калектыву. Аркестр адпрацаваў у канцэртнай зале “Расія” у Маскве больш як 80 праграм, з нашым удзелам праводзілася шмат мерапрыемстваў у Крамлёўскім палацы з’ездаў, мы запісалі шмат праграм на расійскім тэлебачанні, трэба напомніць хаця б папулярную музычную гульню “Угадай мелодию», а таксама шэраг навагодніх праграм. Два гады аркестр працаваў у Італіі на 5 канале тэлебачання.

У 2013 годзе ўжо ў 25 раз пройдзе Міжнародны фестываль джаза. Акрамя гэтага мы працуем з класічнай музыкай. У складзе нашага аркестра ёсць своеасаблівая “камерная філармонія”. Гэта ансамбль трубачоў пад кіраўніцтвам прафесара Мікалая Волкава, ансамбль флейтыстаў пад кіраўніцтвам прафесара, доктара навук, заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзіміра Скараходава, ансамбль кларнетыстаў пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Генадзя Забары, струнны аркестр пад кіраўніцтвам Кацярыны Рэйхерд, вакальны ансамбль пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай. Яны і складаюць “камерную філармонію”. Абсалютная большасць артыстаў аркестра – выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, усе маюць вышэйшую адукацыю, у аркестры працуе шмат народных і заслужаных артыстаў, лаўрэатаў прэстыжных прэмій, а таксама 3 дактары, 8 кандыдытаў навук, - усяго каля 300 чалавек. Аркестр ніколі не працаваў пад фанаграму – мы гэтым ганарымся. Нездарма нас так і называюць – “аркестр жывога гуку”. Работа нашага калектыву высока ацэньваецца на дзяржаўным узроўні, сведчанне гэтаму – званне “заслужаны”, аркестру першаму ў краіне наданы статус “нацыянальны”.

Я вельмі ўдзячны ўсім артыстам аркестра. Яны – лепшыя музыканты нашай краіны.

Дакументальная праграма пра Міхаіла Фінберга - Пад грыфам “Вядомыя” (тэлеканал "Беларусь 2")