навіны

У Нацыянальным акадэмічным аркестры сімфанічнай і эстраднай музыкі назначаны новыя кіраўнікі.

Пра гэта піша міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Міністр культуры Анатоль Маркевіч прадставіў 17 сакавіка заслужанаму калектыву “Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь” новага дырэктара і мастацкага кіраўніка.

Дырэктарам аркестра прызначаны Дзмітрый Ціхановіч. Усё творчае жыццё Дзмітрыя Пятровіча Ціхановіча звязана з аркестрам. У 2001 годзе ён скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. На працягу больш за дваццаць гадоў з’яўляўся артыстам аркестра (труба), вядучым майстрам сцэны.

Браў удзел ва ўсіх буйных творчых праектах, якія арганізуюцца аркестрам. Пастаянна ў складзе аркестра выступаў на міжнародных фестывалях “Славянскі базар у Віцебску”, “Залаты шлягер”, Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”.

Мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь стане Максім Рассоха. Максім Мікалаевіч Рассоха таксама скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Працаваў выкладчыкам па класе габоя ў дзіцячых музычных школах № 10 і №14 Мінска, артыстам і дырыжорам Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, галоўным дырыжорам канцэртнага аркестра “Няміга”, дацэнтам кафедры аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі, дэканам аркестравага факультэта.

Фатаграфіі з тэлеграм-канала minkultrb

Выкарыстаны матэрыял сайта kraj.by

Top