Інфармацыя пра дзейнасць і дасягненненні дырэктара-мастацкага кіраўніка дзяржаўнай установы "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М.Я.Фінберга"

11 снежня 2021 года не стала артыста, музыканта, дырыжора, вялікага чалавека, чалавека-эпохі, які бязмерна любіў Беларусь і аддана служыў яе народу – Міхаіла Якаўлевіча Фінберга.

         Міхаіл Якаўлевіч пражыў яркае жыццё, заўсёды займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Гэта была непаўторная асоба з глыбокай чалавечнасцю, інтэлігентнасцю, высокім прафесіяналізмам, жыццялюбствам і аптымізмам.

Светлая Вам памяць, Маэстра…

ФІНБЕРГ Міхаіл Якаўлевіч (21.02.1947, г. Мазыр Гомельскай вобл.).

Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В.Луначарскага, саліст аркестра, выкладчык; ассістэнтуру-стажыроўку пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В.Луначарского, дырыжор. Прафесар.

         Быў выхаванцам ваеннага аркестра вайсковай часці ў г. Курску і аркестра штаба Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі. З 1967 г. –артыст аркестра Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па радыёвяшчанню і тэлебачанню, з 1970 г. – дырыжор, галоўны дырыжор Мінскага дзяржаўнага цырка.        

З 1987 гада – дырэктар-мастацкі кіраўнік дзяржаўнай установы “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М.Я.Фінберга”.

Фінберг М.Я. прызнаны музыкант, арганізатар і заснавальнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх фэстаў і конкурсаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Аркестр пад кіраўніцтвам М.Я.Фінберга з’яўляўся і працягвае быць актыўным прапагандыстам беларускай эстраднай музыкі, захоўвае нацыянальную выканальніцкую школу, традыцыі беларускай музычнай спадчыны, лепшыя дасягненні сусветнай музычнай класікі. Уласцівая Фінбергу М.Я. якасць стваральніка спрыяла аб’яднанню вакол творчага ядра Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі лепшых музыкаў – выканаўцаў не толькі Беларусі, але і іншых краін блізкага замежжа. Лепшыя кампазітары Беларусі: І.Лучанок, Я.Глебаў, Д.Смольскі, В.Іваноў, Э.Ханок, Э.Зарыцкі, У.Мулявін, У.Буднік, Л.Захлеўны і іншыя сталі сталымі аўтарамі і партнёрамі ў творчым працэсе аркестра. Фінберг М.Я. умела спалучаў у працы аркестра нароўні з песеннымі традыцыямі буйныя формы музыкавання, увасабляючы музыку Ю.Саульского, А.Пахмутавай, А.Лундстрэма, Г.Гараняна, А.Кролла, А.Пятрова, М.Кажлаева, А.Эшпая і іншых кампазітараў.

У беларускім мастацкім свеце імя Міхаіла Фінберга з’яўляецца адным з самых вядомых і знакавых. Па-першае, таму што ўся яго дзейнасць, якая выходзіць далёка за межы ўласна музычнай сферы, была накіравана на служэнне ідэям беларускай духоўнасці, умацаванню і развіццю нацыянальнай беларускай культуры.Па-другое, менавіта праз музычную галіну ажыццяўляліся ўсе творчыя падыходы маэстра па абагачэнні айчыннага мастацтва тымі здабыткамі, якія маюць глыбокую сутнасць і непераўзыдзенную значнасць.

Падзвіжнік і сапраўдны патрыёт Беларусі, М.Фінберг – як кіраўнік вядомага аркестра, першым у краіне ажыццявіў унікальныя па сваёй сутнасці, размаху і выніках асветніцкія праекты, якія шмат у чым сфармавалі аблічча беларускага музычнага жыцця.

М.Я.Фінберг з’яўляецца арганізатарам стаўшых папулярнымі і прызнанымі музычнай грамадскасцю Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”.

Дзякуючы падзвіжніцкай дзейнасці маэстра, у малых гісторыка-культурных цэнтрах Беларусі ўзніклі і праводзяцца маштабныя музычна-асветніцкія мерапрыемствы, такія, як: “Музы Нясвіжа”, “Гасціная Напалеона Орды”, “Мірскі замак”, “Вяртанне Паўночных Афін”, “Палескія сустрэчы”, “Мелодыі ўздзенскай восені”; беларускіх святаў камернай музыкі ў Заслаўі, Нясвіжы, Мсціславе, Жыткавічах, Тураве, Чачэрску, Іванава, музычны праект “Мінскі джаз”, мастацкі праект “Шлягеры на ўсе часы” і інш. Асобна ў гэтым спісе стаяць гарады чарнобыльскай зоны – Чачэрск і Хойнікі.

Толькі за апошнія гады аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга прадставіў сотні праграм, у якіх гучала раней невядомая музыка нашай Айчыны XVI-XIX стагоддзяў, а таксама творы нацыянальнай беларускай класікі XX-XXI стагоддзяў, выкананне якіх  дазволіла паказаць усё багацце і разнастайнасць інтэлектуальна-значнай, мастацка высокай акадэмічнай музычнай культуры Беларусі, далучыць да багаццяў беларускай духоўнасці, да вечных каштоўнасцей жыхароў шматлікіх гарадоў і вёсак, выхаваць у іх пачуццё гонару за сваю Радзіму, за яе музычную спадчыну. 

Адмысловае месца ў творчасці народнага артыста Беларусі М.Я.Фінберга займала сталае і плённае супрацоўніцтва з вядучымі майстрамі музычнага мастацтва Расіі, зоркамі сусветнага ўзроўня Масквы і Санкт-Пецярбурга. Яркай, запамінальнай падзеяй было запрашэнне Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі (адзінага беларускага музычнага калектыва) для ўдзелу ў святочных мерапрыемствах да 850-годдзя Масквы і высокае прызнанне і значныя ўзнагароды.

М.Я.Фінберг прымаў самы непасрэдны ўдзел у якасці мастацкага і музычнага кіраўніка з першых дзён стварэння Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Аркестр пад кіраўніцтвам маэстра плённа супрацоўнічаў з выбітнымі выканаўцамі Расіі: А.Пугачовай, Бедросам і Філіпам Кіркоравымі, Л.Гурчанка, Т.Гвердцытэлі, Ю.Антонавым, І.Кабзонам, Л.Лешчанкам, В.Лявонцьевым, Л.Долінай і іншымі выканаўцамі. Аркестр правёў аўтарскія і

сольныя канцэрты Ю.Саульскага, А.Пятрова, Д.Тухманава, Л.Лешчанкі, І.Кабзона, В.Абадзінскага, А.Кролла, Л.Дзербянёва, Ю.Антонава, А.Зацэпіна, К.Брэйтбурга, памяці Э.Рознэра, “Дунаеўскі – Дунаеўскі”, А.Герман, М.Фрадкіна, А.Брунова ў ГЦКЗ “Расія” і Крамлёўскім Палацы. З удзелам аркестра праведзены і неаднаразова прайшлі ў эфіры расійскага тэлебачання фэсты-конкурсы “Песня года”. 

За вялікі ўнёсак ва ўмацаванне адносін братэрства, сяброўства і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-ўдзельнікамі Саюзнай дзяржавы, Міхаіл Якаўлевіч Фінберг ганараваны прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Творчае супрацоўніцтва аркестра з яркімі выканаўцамі савецкай эстрады, папулярнымі артыстамі мінулых гадоў: Э.П’еха, А.Веске, Н.Дорда, Р.Рымбаевай, В.Мулерманам, Э.Хілем, М.Магамаевым і інш. знайшло працяг у міжнародным фэсце мастацтваў “Залаты шлягер у Магілёве”.

М.Я.Фінберг знаходзіўся ў сталым творчым пошуку, актыўнай працы па прыцягненні маладых выканаўцаў эстраднай песні, паглыбленай працы па захаванні лепшых нацыянальных традыцый песеннай творчасці, шматбаковаму супрацоўніцтву з айчыннымі і замежнымі музыкамі, прыцягненні лепшых узораў беларускага музычнага мастацтва ў сусветную культурную прастору.

За высокае выканальніцкае майстэрства, вялікі ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва аркестру першаму ў краіне было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калектыў”. За асабісты ўнёсак у развіццё музычнага мастацтва краіны і выбітныя дасягненні дзяржаўнаму канцэртнаму аркестру Беларусі было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”, а таксама высокія статуты “акадэмічны” і “нацыянальны”.

  • 02.09.2022 На падставе загада Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 29.08.2022 № 180 і Пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы ад 2 верасня 2022 года, выдадзенага Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, аркестру прысвоена імя яго стваральніка і нязменнага на працягу амаль 35 гадоў кіраўніка народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Якаўлевіча Фінберга.

Шматгранная дзейнасць М.Я.Фінберга адзначана ганаровымі званнямі і ўзнагародамі:

  • Народны артыст Беларусі.
  • Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
  • Лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы.
  • Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразуменню”.
  • Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
  • Лаўрэат прэміі ЛКСМБ.
  • Кавалер ордэна Францыска Скарыны.
  • Уладальнік “Зоркі Міхаіла Фінберга” на Плошчы Зорак у Маскве.
  • Уладальнік імянной пліты на плошчы Зорак у Віцебску.
  • Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь двух скліканняў ( 2000 – 2008 гг.).
  • Член савета па культуры пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
  • Член падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
  • Член праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў.
  • Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу.
  • Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і гарадоў Мазыр, Нясвіж, Мсціслаў.

Актыўная дзяржаўная пазіцыя М.Я.Фінберга неаднаразова адзначалася падзякамі, віншаваннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і розных дзяржаўных устаноў, дыпломамі.

Несумненна, што плённая, шматгранная, сапраўды падзвіжніцкая дзейнасць народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Якаўлевіча Фінберга заслугоўвае самай высокай ацэнкі і ўдзячнага прызнання беларускай грамадскасці.

Top