Гісторыя

           Дзяржаўная ўстанова “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М.Я.Фінберга” была створана 17.02.1987 года ў адпаведнасці з загадам Міністэрства культуры БССР ад 17.02.1987 № 13. У той час калектыў меў назву Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларускай ССР.

            27.08.1998 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1345 за высокае выканальніцкае майстэрства, вялікі ўклад у развіццё беларускага мастацтва калектыву аркестра першаму ў краіне было прысвоена званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.

            30.08.2005 загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 407 аркестру прысвоены ганаровы статус “нацыянальны”.

            18.10.2010 Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1505 Заслужанаму калектыву “Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі” нададзены статус “акадэмічны”.

 

            02.09.2022 на падставе загада Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 29.08.2022 № 180 і Пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы ад 2 верасня 2022 года, выдадзенага Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, аркестру прысвоена імя яго стваральніка і нязменнага на працягу амаль 35 гадоў кіраўніка народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Якаўлевіча Фінберга.

 

            З гэтага часу поўная назва нашай творчай арганізацыі: дзяржаўная ўстанова “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М.Я.Фінберга”.

        Скарочаная назва — Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга”.

 

            Асноўныя напрамкі дзейнасці Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” – гэта акадэмічная, эстрадная і джазавая музыка.

 

  1.   Папулярызацыя нацыянальнага музычнага мастацтва

Адной з асноўных крыніц поспехаў і славы калектыву, які аб’яднаў сапраўдных прафесіяналаў-аднадумцаў, з’яўляецца папулярызацыя нацыянальнага беларускага музычнага мастацтва.  

     З мэтай папулярызацыі беларускай мовы, паэтычнага нацыянальнага матэрыялу ў аркестры створаны аўтарскія канцэрты на вершы амаль 60 беларускіх паэтаў, у тым ліку: А.Міцкевіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Панчанкі, П.Броўкі, В.Лойкі, У.Караткевіча, А.Куляшова, М.Танка, В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, Я.Лучыны, В.Жуковіча, У.Карызны, К.Буйло, А.Бачыла, Л.Дранько-Майсюка, В.Аколавай, А.Лягчылава, А.Грачанікава, М.Ясеня, А.Ставера, С.Грахоўскага, А.Бадака, Я.Янішчыц, В.Шніпа і іншых.

        За гады існавання аркестрам створаны праграмы кампазітараў ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў: Н.Орды, М.Ельскага, М.К.Агінскага, С.Манюшкі, Я.Голанда, А.Радзівіла і М.Радзівіла, А.Рагачэўскага, В.Казлоўскага і іншых знакамітых майстроў беларускага музычнага мастацтва, творы якіх з часам былі забыты нашчадкамі.

        Вяртанне музычнай спадчыны і адраджэнне старажытнай музыкі адбылося дзякуючы высокапрафесійным музыкам: Генрыху Гедыльтару і Ларысе Ласоцкай, заслужаным артыстам Беларусі Андрэю Шпянёву і Уладзіміру Ткачэнку. Таленавітыя аранжыроўшчыкі не толькі перапрацавалі для камерных калектываў аркестра музыку, напісаную ў арыгінале для фартэпіяна, голасу або асобных інструментаў, але і надалі ёй новае гучанне, раскрылі яе багаты мастацкі патэнцыял.

        У розныя гады на базе Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я.Фінберга працавалі так званыя “малыя саставы”. Гэта ансамблі флейтыстаў, кларнетыстаў, актэт драўляных духавых інструментаў, струнны квартэт, ансамбль трубачоў “Інтрада”, камерны хор, струнны аркестр. Сваім высокапрафесійным выканальніцкім майстэрствам творчыя калектывы натхнялі беларусаў на прызнанне і гонар за нацыянальную культуру і мастацтва.

Аркестрам выкананы лепшыя творы вядомых беларускіх кампазітараў: П.Падкавырава, Я.Глебава, А.Туранкова, Г.Вагнера, Р.Пукста, А.Багатырова, М.Чуркіна, У.Мулявіна, Н.Аладава, І.Лучанка, Э.Ханка, В.Раінчыка, У.Алоўнікава, Ю.Семянякі, А.Елісеенкава, Д.Даўгалёва, Л.Захлеўнага, Э.Зарыцкага, У.Будніка, У.Дамарацкага, А.Атрашкевіч, В.Іванова, І.Паліводы, А.Молчана і іншых.

  1. Фестывальны рух

        Папулярызацыя беларускай акадэмічнай і эстраднай музыкі вядзецца ў рэгіёнах, у так званых малых гарадах. Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра лічыць сваім абавязкам несці свята сапраўднага музычнага мастацтва не толькі жыхарам абласных цэнтраў, але і невялікіх гарадоў. За час існавання калектывам былі падрыхтаваны і праведзены сотні музычна-асветніцкіх праектаў.

Фестывальны рух аркестра на працягу многіх гадоў ахапіў  усе вобласці Беларусі:

        Мінскую (г. Нясвіж – свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”; г. Заслаўе – свята  музыкі  “Заслаўе”; г. Любань – свята мастацтваў “Палескія сустрэчы”; г. Узда – абласное свята мастацтваў “Мелодыі ўздзенскай восені”).

        Гродзенскую (г.п. Мір, Карэлічы – свята мастацтваў “Мірскі замак”; музычна-асветніцкі праект у г. Навагрудку; аг. Залессе – свята камернай музыкі “Вяртанне Паўночных Афін”).

         Гомельскую (г. Чачэрск – свята музыкі “Чачэрскія сустрэчы”; г. Тураў – свята камернай і духоўнай музыкі “Тураў”; г. Хойнікі – “Музычныя краявіды Хойніцкай зямлі”).

      Магілеўскую (г. Мсціслаў – Беларускі фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі М.Чуркіна «Мсціслаў»).

        Брэсцкую (г. Пінск – мастацкі праект “Пінскія спатканні”, г. Іванава – мастацкі праект “Гасцёўня Напалеона Орды”).

        Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга – стваральнік папулярных мастацкіх праектаў:

  • Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі і Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна”;
  • Міжнароднага фестывалю джазавай музыкі “Мінскі джаз”;
  • Фестывалю “Пяём з аркестрам”.

        Аркестр адзін з арганізатараў і пастаянны ўдзельнік Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

  1. ГАСТРОЛЬНА-КАНЦЭРТНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга мае вялікі аўтарытэт не толькі на беларускай музычнай прасторы, але і за яе межамі. Асабліва цеснае і плённае супрацоўніцтва склалася ў калектыва з суседняй Расіяй.   

    З удзелам беларускага калектыву на расійскім тэлебачанні праходзіў фестываль “Песня года”, музычная ігра “Угадай мелодию”. За працу над гэтымі праектамі аркестр быў узнагароджаны дыпломамі лаўрэата.

        Наш калектыў добра вядомы сваімі яркімі выступленнямі ў канцэртнай зале “Расія”, Крамлёўскім палацы і ўдзелам у 33-х праграмах, прысвечаных закладцы зорак на “Алеі Зорак” у Маскве.

Аркестр актыўна супрацоўнічаў з вядомымі выканаўцамі Расіі: Алай Пугачовай, Бядросам і Філіпам Кіркоравымі, Тамарай Гвердцытэлі, Юрыем Антонавым, Іосіфам Кабзонам, Львом Лешчанкам, Валерыем Леонцьевым, Ларысай Долінай, Ігарам Дземарыным.

         Два гады калектыў аркестра працаваў у Італіі на тэлебачанні (5-ы канал), а таксама прадстаўляў сваё майстэрства ў Польшчы, Літве, Латвіі і іншых краінах.

Больш за 30 гадоў канцэпцыя праекта “Мінскі джаз” будавалася яго мастацкім кіраўніком, народным артыстам Беларусі Міхаілам Фінбергам вакол музыкі Д.Элінгтана, К.Бейсі, Г.Мілера, К.Джонса, Э.Рознэра, Ю.Саульскага, Г.Гудвіна, Б.Гудмена.

У розныя гады для сапраўдных знатакоў джазавай музыкі прадстаўлялі сваё майстэрства найперш Біг-Бэнд аркестра, а таксама народны артыст Расіі, піяніст Данііл Крамер, кантрабасіст Сяргей Васільеў і бубнач Павел Цімафееў, а таксама заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Арміне Саркісян, іншыя.

Асобае месца ў рэпертуары займае эстрадна-джазавая тэматыка. Біг-Бэнд Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра

Беларусі – зорка беларускага джаза, у творчасці якога прасочваецца пераемнасць са знакамітым аркестрам Эдзі Рознера. Адметнай рысай беларускага бэнда з’яўляецца яскравае, сакавітае гучанне, віртуозныя сольныя імправізацыі, прафесіяналізм аркестравага выканання.

        Біг-Бэнд:

        Саксафоны: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ксёнц; Сяргей Чэбан, Раман Шыманец, Мікіта Пятроў, Ігар Люты.

        Трубы: Дзмітрый Ціхановіч, Аляксандр Цулыгін, Андрэй Казлянка, Сяргей Андрончык.

        Трамбоны: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Бударын; Сяргей Фалевіч, Вячаслаў Чыслоў, Дзмітрый Найдзяновіч.

        Рытм-група: заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Сяргей Анцішын (гітара), Аляксандр Каліноўскі (бас-гітара), Вадзім Чайкоў (ударныя). Ігар Бранкоўскі (клавішныя), Аляксей Міньковіч (ударныя), Міхаіл Пенда (ударныя).     

Вялікай папулярнасцю ў слухачоў карыстаецца мастацкі праект “Шлягеры на ўсе часы”, у рамках якога Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга стварыў праграмы, прысвечаныя творчасці А.Герман, М.Тарывердзіева, А.Фельцмана, Л.Уцёсава, М.Крысталінскай, М.Таніча, Э.Рознера, Р.Паўлса, Д.Тухманава, М.Фрадкіна, В.Абадзінскага, М.Дунаеўскага, Л.Гурчанкі, В.Цоя, В.Леонцьева, Э.Разанава і многіх іншых вядомых кампазітараў, паэтаў, выканаўцаў.

Значная ўвага знакамітым калектывам надаецца патрыятычнаму выхаванню насельніцтва, стварэнню праграм, прысвечаных ваеннай тэматыцы. Шырокую папулярнасць атрымалі праграмы “Ад Масквы да Брэста”, “Песні гарадоў-герояў”, “Ішла вайна народная…”, “Дзень Перамогі”, падрыхтаваныя аркестрам да юбілейных дат Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

  1. ПОШУК І ВЫХАВАННЕ МАЛАДЫХ ТАЛЕНАВІТЫХ ВЫКАНАЎЦАЎ

Працягу творчага жыцця калектыву, яго пастаяннаму абнаўленню і ўдасканаленню ўдзяляецца вялікая ўвага, а асаблівая – мэтанакіраванаму пошуку маладых выканаўцаў з ліку выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

        Большасць маладых выканаўцаў аркестра носяць ганаровыя званні лаўрэатаў прэстыжных міжнародных фестываляў і конкурсаў.

         Менавіта ў Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестры пачыналі свой шлях і набывалі творчы вопыт многія вядомыя беларускія спевакі.

Удасканаленню выканальніцкага майстэрства артыстаў аркестра садзейнічае іх штогадовае прафесійнае  праслухоўванне.

        Пры ўсёй разнастайнасці канцэртна-гастрольнай дзейнасці ў калектыве аркестра шмат увагі надаецца рэпетыцыйнаму працэсу. І гэта дазваляе сістэматычна абнаўляць рэпертуар, ствараць новыя і новыя праграмы.

        У складзе аркестра ў розныя гады працавалі вядомыя вучоныя, прафесары, дактары і кандыдаты навук, дацэнты, уладальнікі ганаровых званняў, народныя і заслужаныя артысты Беларусі, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэаты шматлікіх прэстыжных прэмій.

        Асобна трэба адзначыць музыкаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у дзейнасць аркестра. Гэта В.П.Шчарыца, І.І.Палівода, В.А.Семянюк. Сёння спрыяюць шырокай папулярызацыі высокага выканальніцкага майстэрства заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь С.Я.Анцішын, Д.В.Бударын, А.А.Каліноўскі, В.П.Чайкоў, Н.У.Тамэла, У.М.Ксёнц, Д.Ф.Качароўскі.

5. ВЫДАВЕЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

        Выдавецкая дзейнасць аркестра накіравана на ўмацаванне навуковай асновы работы аркестра і стымулюе фундаментальныя даследаванні ў галіне беларускай акадэмічнай музыкі. Дзякуючы імкненню да навуковай асновы стварэння праграм, аркестрам былі падрыхтаваны навуковыя выданні:

  • “Нясвiж – мастацкая сталiца Беларусi”.
  • “У гонарЛюбані: пяць музычных крокаў па Міншчыне”.
  • “Шляхам поспехаў i адкрыццяў”.
  • “Мастацкiя цуды Нясвiжскай зямлi”.
  • “Музычныя промні Любані ў залатым коле Міншчыны”.
  • “Музы Нясвжа”: дваццаць гадоў мастацкага асветнiцтва”.

       У гэтых выданнях адлюстравана шырокая панарама беларускага музычнага мастацтва ў яго гістарычным, тэарэтычным напрамках. Большасць работ маюць асаблівы характар ​​і ўяўляюць сабой унікальныя распрацоўкі беларускіх вучоных, як сталых даследчыкаў, так і навуковай моладзі.

        У многім гэта вялікая заслуга вядомага музыказнаўцы, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Уладзіміраўны Дадзіёмавай.

        Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я.Фінберга” з’яўляецца актыўным папулярызатарам беларускай музыкі, паважліва захоўвае нацыянальную выканальніцкую школу, традыцыі беларускай музычнай спадчыны і лепшыя дасягненні сусветнай музычнай класікі.

Адметнай рысай аркестра з’яўляецца ўніверсальнасць выканальніцкай дзейнасці, якая ахоплівае ўсе музычныя напрамкі і стылі: ад масавай эстраднай песні да элітнага джаза, сучасных авангардных твораў; ад сімфанічнай і камернай музыкі заходнееўрапейскіх класікаў да вакальных і інструментальных кампазіцый славянскіх, у тым ліку беларускіх. Пры гэтым, увасабленне творчасці беларускіх кампазітараў, а таксама кампазітараў мінулых стагоддзяў застаецца прыярытэтным вектарам творчай работы аркестра.

        Варта асабліва адзначыць, што на ўсіх без выключэння канцэртных праграмах Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Якаўлевіча Фінберга працаваў толькі “жывым гукам”, без выкарыстання фанаграмы.

       11 снежня 2021 года  сумная дата ў гісторыі калектыву. Сышоў з жыцця Маэстра з вялікай літары – Міхаіл Якаўлевіч Фінберг.

        17 сакавіка 2022 года Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь А.М.Маркевічам калектыву былі прадстаўлены новыя кіраўнікі. Дырэктарам аркестра прызначаны Дзмітрый Пятровіч Ціхановіч, мастацкім кіраўніком- галоўным дырыжорам стаў Максім Мікалаевіч Рассоха.

Новае кіраўніцтва дзяржаўнай установы “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь імя М.Я.Фінберга” клапатліва захоўвае і адказна працягвае традыцыі, закладзеныя стваральнікам і кіраўніком аркестра на працягу 35-і гадоў Міхаілам Якаўлевічам Фінбергам.

Па-ранейшаму, галоўным напрамкам творчасці аркестра застаецца папулярызацыя нацыянальнай беларускай музыкі.

Top